--
Ліпень 2020
Амаль цэлы тыдзень ішоў дождж. Толькі ў пятніцу вечерам стала зразумела, што ў выходныя будзе сонечнае надвор’е. Тым больш яснай стала думка, што неабходна ехаць кудысьці на ровары.
Здаецца, гэта была толькі мая другая паездка пасля сутыкнення з маршруткай. У той момант я яшчэ быў вельмі лімітаваны ў тым, што дазваляла мне маё цела. Таму гэтая паездка вельмі была важнай для мяне. Таму я атрымліваў асаблівую асалоду ад свежага, яшчэ вільготнага паветра, ад сонечных прамянёў, да якіх, здаецца, у той дзень можна было дакрануцца рукамі.
Вось я еду па лясной дарозе. Пад коламі гліняная глеба. Зразумела, што яна неахвотна развітваецца з усёй той вільгаццю, якую яна атрымала ад дажду за апошнія дні. Таму дарога была асабліва слізкая. Таму каляіны былі поўныя ад вады. А у нізінах наогул ствараліся невялічкія морачкі. Я пад’яжджаю да чарговага такога морачка. Пасярэдзіне толькі была невялічкая палоска зямлі. “Што ж, злазіць з ровара несур’ёзна” падумаў я. “Трэба хуценька і асцярожненька праехаць па гэтай палосцы”. Просты план. Выдатны. Што можа пайсці не так?!
Вось я ляжу з роварам у адным з гэтых гліняных мораў. Першыя імгненні ніякіх думак у галаве няма. Пасля пачынаеш разумець, што твой план насамрэч быў не такі і выдатны. І я не прадумаў, што ў выпадку падзення ў лужыну, я стану падобны да глінянага чалавека. І толькі секунд праз 5 пасля падзення да мяне ў галаву трапляе самая простая і самая неабходная ў той момант думка: “Саша! Ёптыць! Ты ж ляжыш у лужыне! Давай, бляха, ўставай!”
Безумоўна, гэта была самая цікавая гісторыя, якая адбылася са мною у першай палове 20га. Гісторыя, дзякуючы якой я больш глыбока зразумеў (настолькі глыбока, наколькі была глыбокай тая лужына) адну важную рэч. У той момант, калі ты зваліўся ў лужыну, па-першае, трэба вылезьці з яе. А пасля ўжо займацца рэфлексіяй.